Молодечно
Маладзечна напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны быў невялікім па сучасных мерках гарадком, дзе жыло каля дзесяці тысяч чалавек. Аднак мужнасць і стойкасць, якую праявілі яго жыхары, былі адзначаны. 18 жніўня 2009 года вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» быў уручаны гораду на ўрачыстай цырымоніі. Старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Таццяна Шафаловіч у той час узначальвала аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Па яе ўспамінах, вымпел стаў вялікім гонарам для ўсіх жыхароў. Падчас нашай гутаркі мы быццам вярнуліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А дапамагла нам у гэтым творчая работа ветэрана працы, былога галоўнага бібліятэкара Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча Раісы Давідовіч. Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі яна напісала пра лёс сваёй маці, які непарыўна звязаны з гэтым краем. Прапануем чытачам урыўкі з яе ўспамінаў, якія мы ўпляцём у канву аповеду пра гераізм жыхароў і абаронцаў Мала­дзечна.
«Мая матуля насіла прыгожае імя — Ганна, — так пачынаецца ўспамін Раісы Давідовіч. — Але ўсе, ад старога да малога, звалі яе Анюта, цёця Анюта. У невялікай вёсачцы Заўголле ў 1927 годзе і з'явілася яна на свет. На жаль, пасля радзін яе мама не пражыла і тыдня — памерла. І засталася мая мамулечка сіратой назаўсёды. А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яна пазнала ўсе яе жахі...»

Маладзечна фашысты акупіравалі 26 чэрвеня 1941 года.

— У гэты ж дзень вогненны таран здзейсніў каля Радашковічаў, што за 30 кіламетраў ад Маладзечна, Герой Савецкага Саюза капітан Гастэла і яго экіпаж, — распавядае Таццяна Шафаловіч. — Яго самалёт ДБ-3Ф выляцеў для нанясення бомбавага ўдару па германскай механізаванай калоне на дарозе Маладзечна — Радашковічы ў складзе звяна з двух бамбардзіроўшчыкаў.
Таццяна ШАФАЛОВІЧ.
Агнём зенітнай артылерыі праціўніка самалёт Гастэлы быў падбіты, пашкоджаны паліўны бак, што выклікала пажар на борце. Капітан направіў палаючую машыну на механізаваную калону ворага. Усе члены экіпажа загінулі. А ён быў інтэрнацыянальным: Бурдэнюк — украінец, Калінін — немец, Скарабагаты — рускі, Гастэла — беларус.

Працягваем чытаць расказ Раісы Давідовіч.

«У глухой лясной вёсачцы Заўголле былі і немцы, і партызаны. Дзядуля Міхась хаваў зброю для народных мсціўцаў. Немцы даведаліся і доўга катавалі яго, але ўначы партызаны вызвалілі дзядулю з палону».

У ліпені 1941 года на тэрыторыі былой Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі акупанты стварылі лагер для савецкіх ваеннапалонных шталаг 342. Праз які толькі да чэрвеня 1944-га прайшло звыш 80 тысяч чалавек, больш за 33 тысячы загінулі.
Але ўжо са жніўня 1941 года пачаўся актыўны партызанскі рух. Маладзечанскі і бліжнія раёны кантралявалі народныя мсціўцы, тут дзейнічала 8 партызанскіх брыгад. Вялікую ўзнагароду немцы прапаноўвалі за галаву Героя Савецкага Саюза, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Маладзечаншчыне Фёдара Маркава.

А Герой Савецкага Саюза Андрэй Валынец удзельнічаў у 74 баях і 59 дыверсіях. На яго асабістым рахунку 9 узарваных эшалонаў і 18 аўтамабіляў праціўніка. Маладзечанцы вялі «рэйкавую вайну»: з 3 ліпеня 1943 года па чэрвень 1944-га на чыгунцы Маладзечна — Мінск пусцілі пад адхон больш за 200 эшалонаў. Падпольная група на чале з Даніілам Герновічам дзейнічала на чыгуначным вузле і правяла 30 буйных дыверсій, у тым ліку падарвала склад.

«А тут прыйшла новая бяда. Сталі адпраўляць хлопцаў і дзяўчат у Германію. Забралі і маю маму. Яна потым расказвала мне, як доўга ехалі ў вагоне для перавозкі скаціны, як падгаворваў адзін з хлопцаў уцячы, і яны, выламаўшы дошкі, скаканулі ўначы з вагона. Немцы спынілі цягнік, стралялі ўслед, многіх пазабівалі. Але некалькі маладых людзей, у тым ліку і мая мама, засталіся жывымі. Здарылася гэта дзесь у Польшчы, доўга яны, галодныя, лясамі прабіраліся да радзімы».
Таццяна Шафаловіч дапаўняе лічбамі аповед зямлячкі. Для анямечвання планавалася знішчыць і вывезці ў Германію 75 працэнтаў беларусаў, а замест іх толькі ў Маладзечна пасяліць 7 тысяч нямецкіх каланістаў.

«Дайшлі мама і двое аднавяскоўцаў, ледзьве жывыя ад голаду. Цёмнай ноччу стукнула ў роднае акенца з адной думкай — паесці хлеба, многа-многа. А выйшла, што заснула на печы з горкімі слязамі — не далі нічога, акрамя кубачка малака. Не ведала яна, што нельга так пасля голаду адразу многа.

Неўзабаве немцы зведалі, што хтосьці ўцёк з цягніка і знаходзіцца ў вёсцы. Пайшлі шукаць і прыйшлі ў хату, дзе хавалася матуля. У той час памерла яе бабуля і ў хаце стаяла труна. Матуля залезла ў яе, а цела бабулі паклалі ў іншае месца. Немцы вельмі баяліся тыфу, таму да труны не падыходзілі. Так бабуля выратавала сваю ўнучку, маю маму».

Звесткамі пра вызваленне Мала­дзечна з намі падзялілася старшы навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец.
Наталля Палтавец.
— 2 ліпеня 1944 года танкавая рота 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса пад камандаваннем Рыгора Кіяшкі першай уварвалася ў пасёлак Краснае Маладзечанскага раёна і правяла цяжкую разведку боем. Танкісты знішчылі 40 павозак, 5 танкаў і больш за 200 салдат і афіцэраў праціўніка, — распавядае яна аб адным з эпізодаў.

Пры вызваленні Маладзечна чатыры разы пераходзіў з рук у рукі, адзначала субяседніца. 3-м гвардзейскім Сталінградскім мехкорпусам, які вызваляў Маладзечанскі раён, камандаваў генерал-лейтэнант танкавых войск Віктар Абухоў. 4 ліпеня 1944 года, на наступны дзень пасля вызвалення Мінска, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР генерал-лейтэнанту танкавых войск прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза за ўмелае кіраўніцтва войскамі і прыняцце неардынарных рашэнняў.
Гераізмам вызначыліся лётчыкі. Напрыклад, Герой Савецкага Саюза Міхаіл Жывалуп, камандзір 126-га гвардзейскага ордэна А. Неўскага бамбардзіровачнага палка, увайшоў у гісторыю дзякуючы таму, што яго авіяцыйны полк неаднаразова вылятаў на разведку над Маладзечна і ў выніку знайшоў вялікае скапленне замаскіраванай тэхнікі і жывой сілы. А потым разбамбіў яго.
— Адзін з камандзіраў эскадрылляў палка змог прызямліцца з прабоінай у лопасці крыла і неразарваўшымся снарадам варожай зеніткі ў пустым бензабаку, тым самым захаваў самалёт і сваё жыццё, — прыводзіць цікавы факт Наталля Палтавец.
У гонар вызвалення Маладзечна Масква салютавала 12 артылерыйскімі залпамі. Трынаццаць воінскіх часцей і аб'яднанняў атрымалі ганаровую назву «Маладзечанскія». 1730 жыхароў горада ўзнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй», 746 сталі кавалерамі баявых ордэнаў, медалямі адзначаны 373 чалавекі.