Дзякуй за ўсё, дарагі прадзядуля!
Дзень добры, дарагі прадзядуля! Зараз цябе ўжо няма з намі, але ты жывеш у маім сэрцы. З самага маленства мне шмат расказвалі аб вайне. Вайна – жудасны час. Гэта час голаду, гора, смутку і разбурэнняў. Яна парушыла звыклы рытм жыцця, пакалечыла шмат чалавечых душ, кожную хвіліначку ставіла чалавека перад выбарам – застацца сумленным і загінуць, ці выжыць цаной здрады блізкім, родным, сябрам.
Жыццё тваё было нялёгкім. Ты многае перажыў: сяброўства, каханне, сваркі, смерць. Табе, як нікому іншаму, вядомы шчырыя пачуцці. Тыя, хто ваявалі за наша жыццё, за мірнае неба над галавой, не проста праявілі адвагу, але і ахвяравалі ўсім, што ў іх было: сям'ёй, блізкімі людзьмі і, вядома ж, жыццём. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці і пазбаўленні, народ выстаяў, не зламаўся, не здаўся, не аддаў краіну ў рукі ворага. Я ведаю, што ты з усіх сіл змагаўся за родную краіну, за светлую будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Бываюць хвіліны, калі я разважаю, як ты жыў у акопах, хадзіў у разведку, больш за ўсё на свеце марыў перамагчы і вярнуцца дадому. У гэтыя хвіліны з табой былі верныя сябры. Яны дзялілі і нягоды, і радасці, падтрымлівалі цябе ў тыя хвіліны, калі не заставалася сіл. Згуртаванасць і сяброўства дапамагалі табе разам ісці да адной мэты – Перамогі!
Аднойчы я ўзяла стары альбом і там убачыла твае фотаздымкі і ваенны білет. Тады я прапанавала сваёй бабулі расказаць, якім быў ты. І вось, што яна мне паведаміла: «Мой тата, Ярмак Пётр Якаўлевіч, нарадзіўся ў вёсцы Дрычын, Пухавіцкага раёна. Там прайшло яго дзяцінства, там пайшоў у першы клас. У шаснаццаць гадоў ён пераехаў у Мінск і працаваў на Мінскай ЦЭЦ-2, выконваў абавязкі вартаўніка. Калі пачалася вайна, яму было 23 гады. Ён знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі, служыў радавым. Разам з аднапалчанамі вызваляў ад фашыстаў краіны Еўропы, а дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Ён прайшоў праз усю вайну, атрымаў шмат узнагарод, у тым ліку медаль «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй». Пасля вайны працаваў на Мінскай ЦЭЦ-2, але ўжо кіраўніком берагавой помпавай станцыі. Сустрэў прыгожую дзяўчыну, Шылай Антаніну Аляксандраўну. Сыгралі вяселле і засталіся жыць у Мінску. Не вельмі часта, але ўсё ж былі моманты, калі тата сядаў каля акна, браў свой медаль і пачынаў расказываць мне гісторыі з вайны. Зараз і табе раскажу. Была сярэдзіна вайны. Даручыў ім камандзір адказнае заданне. Тату прызначыў галоўным групы, далі шэсць чалавек у падпарадкаванне і кажуць: «Адна надзея на вас. Знайдзіце лагер, дзе хаваюцца нямецкія войскі». Паабяцалі яны камандзіру загад выканаць і адправіліся на пошукі. Тры дні скакалі праз лясы і палі. Раптам пачулі нямецкую гаворку. Коней пакінулі і пайшлі пешшу.
Ішлі праз лес, убачылі наперадзе абрыў. Ісці небяспечна, могуць заўважыць. Дабраліся да нямецкага лагера, а там склад боепрыпасаў. Вось бы трохі зброі здабыць! Справа рызыкоўная, але немцаў там не вельмі шмат. Перабіраючыся ад аднаго прыкрыцця да другога, падабраліся яны да склада. Там дзяжурылі два вартаўніка. Аглушылі іх і ўварваліся на склад. І тут яны застылі: перад вачыма чалавек дзесяць з аўтаматамі. Дваіх салдат з іх групы адразу застрэлілі, а астатнія кінуліся ўцякаць. Бяжалі, адстрэльваліся, а патронаў засталося вельмі мала. Тут тату паранілі ў нагу, ледзь дабраўся ён да каня. Толькі пачалі адрывацца, як наперадзе эскадрон нямецкай кавалерыі з'явіўся. Загадаў твой прадзядуля раздзяліцца. Яны ўдваіх з аднаго боку сталі немцаў абыходзіць, а трое іншых салдат – з другога.
Ворагі таксама раздзяліліся. Вырашыў ён прымяніць хітрасць. Глядзіць, кажа: непадалёк яма, прыкрытая галінкамі. Пераскочыў яму і далей паскакаў, а немцы яе не заўважылі і ўпалі туды.
Вось так дабраліся яны да свайго лагера і выканалі заданне.
Так, не шкадуючы сябе, усю вайну прайшоў твой прадзядуля Пеця. За ўвесь час двойчы быў паранены, але пашанцавала вярнуцца дадому жывому».
Мяне вельмі ўразіў гэты расказ. Цяпер я пачала больш думаць пра цябе, уяўляць тое, якім ты быў. Напэўна, чакаючы ў акопе ці ідучы ў атаку, ты думаў пра сваіх родных, пра сустрэчу, слёзы шчасця, пра новае жыццё – жыццё без вайны. Я мяркую, што твая сям'я дапамагала табе ў баі, натхняла на здзяйсненне гэтага вялікага подзвігу. А калі змаўкалі кулямёты, напэўна, ты з нецярпеннем чакаў запаветнага ліста. Я нават не магу ўявіць сабе тое, з якім трапятаннем ты адкрываў яго, разгортваў кавалачак пажоўклай паперы і пачынаў чатаць. Напэўна, гэтыя словы былі для цябе музыкай, сагравалі тваё сэрца. Я таксама пішу табе гэты ліст, бо мы ўсе – адна вялікая сям'я. Сям'я, якая памятае Вялікі Подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. Кожны год 9 мая я іду на Плошчу Перамогі да абеліску, каб аддаць даніну памяці ўсім загінуўшым падчас гэтай жудаснай вайны. Я хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што ты зрабіў. Дзякуй за тое, што ты заўсёды ішоў наперад да Перамогі, за тое, што ніколі не губляў веры і надзеі. Дзякуй за тое, што, губляючы блізкіх, не падаў духам і ішоў далей з горда паднятай галавой, за тое, што, не шкадуючы свайго жыцця, ты змагаўся за нашу будучыню! За тое, што зараз я маю магчымасць вучыцца, сябраваць, жыць пад чыстым небам маёй Радзімы – Беларусі, хадзіць па пшанічных палях, слухаць спевы птушак. І я хачу, каб цяперашнія і будучыя пакаленні памяталі аб тваіх подзвігах і ведалі, як цяжка ветэранам далася Перамога над фашызмам. Дзякуй за ўсё, дарагі прадзядуля!
Юлія Гурыновіч